История, традиции, достижения

IMG-edb202cac01aeef657210be450e39a0e-V У “Справаздачы па кіраванні Мінскай дырэкцыі народных вучылішч” за 1867 г. ёсць наступныя звесткі аб Крываносаўскім вучылішчы: ”Настаўнік Васіль Біруковіч, законанастаўнік, святар Іван Біруковіч. Колькасць вучняў: 32 хлопчыкі і 21 дзяўчынка.”

Па другіх дадзеных народнае вучылішча ў вёсцы Крываносы Асавецкай воласці было адкрыта ў 1878 годзе Міністэрствам народнай асветы.

  У 1878-79г.г. у вучылішчы выкладала Наталля Будзіловіч. Навучалася 35 хлопчыкаў і  2 дзяўчынкі. Вучылішча знаходзілася ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча адпускалася 100 руб. з грамадскага казначэйства і 120 руб. ад сялянскай грамады.

   У снежні 1892г. вучылішча правяраў інспектар  народных вучылішч Бабруйскага і Рэчыцкага ўездаў. У сваёй справаздачы ў Мінскую дырэкцыю народных вучылішч ён пісаў:” У класе ўсіх было 32 хлопчыкі, а па спісе  лічыцца 36. У трэцім аддзяленні знаходзілася ўсяго 2 хлопчыкі. Заняткі пачаліся 5 лістапада. У першым аддзяленні вельмі нямногія механічна завучылі  пачатковыя малітвы, а ў другім выклікаў цяжкасць пераказ зместу вывучаных апавяданняў са святой гісторыі. Па рускай мове  ў другім і трэцім аддзяленнях слаба разумеюць змест і сэнс вывучаных апавяданняў, вершаў, баек. Па арыфметыцы першагодкі прайшлі да лічбы “9”, а другагодкі да лічбы”15”, але недастаткова засвоілі.

Прапанавана: 1. Весці старанна выкладанне закона Божага;

  1. Звярнуць увагу на разумовае развіццё дзяцей;
  2. Зрабіць неабходныя захады для ўздыму поспехаў па рускай мове і арыфметыцы. Неабходна набыць лямпы для вячэрніх заняткаў, пабудаваць гімнастычныя снарады”.

      Ёсць яшчэ адзін цікавы дакумент у фондзе Бабруйскага ўезнага аддзялення Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета. Гэта прашэнне святара Крываносаўскай школы  Стаўровіча за  1914г., у якім гаворыцца: ”У давераным мне Крываносаўскім прыходзе  няма царкоўнапрыходскай школы. У апошнія гады ў раёне Крываносаўскага прыходу пасяліліся навасёлы з іншых губерняў. Навасёлы ў сувязі з тым, што не прыпісаны да мясцовай грамады, не карыстаюцца школай для сваіх дзяцей. Народныя вучылішчы, якія знаходзяцца ў прыходзе, перапоўнены яшчэ ў дабавак дзецьмі карэннага насельніцтва. Пагэтаму дзеці навасёлаў застаюцца без усякай адукацыі і выхавання. У самой  вёсцы Крываносы за адсутнасцю месц у мясцовым народным вучылішчы палова дзяцей, асабліва дзяўчынак, застаюцца без усякай адукацыі…”

Захаваліся фатаграфіі старога будынка Крываносаўскай школы, пабудаванай у пачатку XX стагоддзя. Па ўспамінах вучняў гэтага часу школа была драўляная, аднапавярховая, сямігадовая. Дзяцей было многа, былі класы “А” і “Б”, па 25-26 чалавек. У Палажэвічах была свая школа, а з Будзеніч, Межылесся, Глядавіч, Дарошкавіч, Прус, Баранава і нават з  вёскі Вольніцы Глускага раёна хадзілі дзеці ў Крываносаўскую школу.  Настаўнікі былі ўсе прыезджыя. З 1907 па 1941 год дырэктарамі  школы былі Кандрацюк Якаў Міхайлавіч, Непачаловіч  Васіль Рыгоравіч, а потым Клімовіч  Антон Сямёнавіч.  Настаўнікі жылі на кватэрах, сямейныя -у школе. Палілі звычайныя грубкі і так ацяплялі школу. Сталовай не было, але давалі чай, а яду бралі з дому. Было па пяць урокаў у дзень. Вучыліся ў дзве змены. У 1940/1941 навучальным годзе  школа стала сярэдняй  ( 10 класаў).

  У час Вялікай Айчыннай вайны ў школе жылі пагарэльцы, бо немцы палілі вёскі.

Пасля вызвалення раёна ад фашыстаў у 1944 годзе  сярэдняя школа зноў аднавіла сваю працу. Першы пасляваенны  дырэктар школы быў  Башарымаў (імя і імя па бацьку не захавалася), пасля яго  дырэктарам стаў наш зямляк Ракавец Павел Сямёнавіч, а затым Іван Іосіфавіч Чорны таксама са Старадарожчыны.

  З 1954 па 1959 гады дырэктарам школы працаваў Салавей Андрэй Раманавіч. Па ўспамінах настаўніцы фізікі і астраноміі гэтага часу Серай Маіны Канстанцінаўны Андрэй Раманавіч быў вельмі добры і сардэчны чалавек. Школа працавала ў дзве змены. Першая  пачынала заняткі ў дзевяць гадзін, другая працавала  з чатырнаццаці да дваццаці гадзін. Былі класы  з дваццаці васьмі- трыццаці вучняў і больш,  але была адна паралель. Зімой у класах было холадна, вучні сядзелі ў рукавіцах.

 Васільеў Яўген Цімафеевіч стаў дырэктарам  школы  ў 1960  і працаваў ім  да 1973 года. Па ўспамінах Васільевай Аляксандры Міхайлаўны, настаўніцы рускай мовы і літаратуры ён праявіў сябе добрым гаспадарнікам. У 1968 годзе Яўген Цімафеевіч пачаў будаўніцтва сучаснага будынка для школы. Ён ведаў усе тонкасці не горш за прарабаў, якія тут працавалі. На будаўніцтве праводзіў многа часу, патрабаванні яго былі высокія, але справядлівыя і законныя. Яўген Цімафеевіч лічыў асноўнай базай пачатковую школу, ўдзяляў ёй многа ўвагі і асабліва высока цаніў добрых настаўнікаў.

З 1974 па 1986 гады дырэктарам школы працаваў Залатарэвіч Канстанцін Фёдаравіч.

У той час яна знаходзілася ўжо ў новым трохпавярховым будынку, і ў ёй працавалі вельмі вопытныя і знакамітыя настаўнікі. Так, завуч школы Александроў Васіль Антонавіч,  як і дырэктар Залатарэвіч Канстанцін Фёдаравіч, быў  узнагароджаны знакам “Выдатніка народнай асветы”. Сам улюбёны ў працу, Васіль Антонавіч патрабаваў і ад усіх вялікай аддачы. Ён усяляў  веру ў тое, якая важная адукацыйная работа і як ад настаўнікаў залежыць лёс вучняў. А адпрацаваў ён завучам амаль 25 гадоў! За гэты час меў дзевяць ганаровых грамат, адна з іх ад Міністэрства адукацыі. Былі і падзячныя лісты. Трэба сказаць, што і калектыў школы быў вельмі дружны, маладосць і мудрасць ішлі побач і тварылі вялікую справу навучання і выхавання юнай змены…

З 1986 па 1987 гады дырэктарам школы працаваў Лапанік Іван Мікалаевіч. На жаль жыццё яго абарвалася вельмі рана. Іван Мікалаевіч вялікую ўвагу ўдзяляў падсобнай гаспадарцы. У гэты час ў школе было зроблена агароднінасховішча. Вучні старэйшых класаў вырошчвалі на ферме цялят. У школе быў свой конь.

З 1988 года па 2020 дырэктарам школы працаваў Тышкевіч Анатолій Мікалаевіч. Анатолій Мікалаевіч быў вельмі мудры, паслядоўны кіраўнік. Ён надаваў вялікую ўвагу адукацыйнаму працэсу, заўсёды захоўваў традыцыі школы. Вучні і работнікі заўсёды  паважалі і  цанілі яго.

З 2020 па наш час дырэктарам школы працуе Ракавец Ірына Уладзіміраўна.

 

ДАСЯГНЕННІ ЎСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ

 

 

 

 

Ещё в этом разделе